Калі са зьнешнім сьветам я камунікую мэмасікамі, то з унутраным — музыкай. Вось вам гісторыя са спазьненьнем на дзень. Выходжу зранку на двор пакурыць, папіць кавы, стэлефанавацца з блізкімі. Яшчэ толькі звязваю кеды, напяваю сабе нешта ў галаве. Аказваецца, напяваю вельмі гучным шэптам, што аж жонка з суседняга пакою разьбірае, што гэта па-польску. Разумею, што гэта мой аўтадыджэй у галаве паставіў "Droga na Brześć" панкаў Pidżama Porno: "W krwi kałuży się odbija świat". У мяне гэтая песьня яшчэ 20 сьнежня 2010-га завісла, калі разумееце, пра што я. Выйшаў, стэлефанаваўся, падумаў паставіць якую музыку. Апошняй на тэлефон закідваў "Дыхаем зноў" Пугача і Вольскага. А яно хоць і выйшла да выбараў, але вельмі пасуе пад цяперашнюю сытуацыю: "Пасьля навальніцы знаходзіць адзін аднаго ў пяску і дзівіцца: мы дыхаем зноў. У аскепках сталіцы халоднае сонца. Галоўнае мае адбыцца, мы дыхаем зноў". Паафігеваў, дайграла. А наступнымі па парадку ішлі нядаўна адкрытыя мной для сябе вясёлыя нямецкія поп-панкі Broilers — "Tanzt Du Noch Einmal Mit Mir?" ("Патанчыш са мной зноў?"). Такая сабе "песьня з паралельнага сьвету", без усёй гэтай бойні і нават без каранавірусу. Уявіў, які будзе нішцяк, калі ўсё гэта скончыцца, калі народ выбярэ сабе свайго прэзыдэнта, правядзе люстрацыю гестапаўцаў і наогул заліжа раны. І замест "Перемен" і "Грай" з машынаў будзе граць штосьці накшталт "Сонечко шкварить" украінцаў "Був'є"

Теги других блогов: музыка поп-панк пандэмія